Выстава "Таямнічы ручнік"


30 кастрычніка 2015 года адбылася прэзентацыя выставы “Таямнічы ручнік”, якая арганізавана Польскім Інстытутам у Мінску, а падрыхтавана Аддзелам Падляшскага музея ў Беластоку і УК “Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І.І. Стаброўскага”.

Аліна Дэбовска, дырэктар Бельск Падляшскага музея, стваральнік і арганізатар выставы “Таямнічы ручнік”, правяла экскурс па выставе і расказала, што збіраць ручнікі іх музей пачаў таму, што народны ручнік знікае з паўсядзённага карыстання. Самыя старыя ручнікі датуюцца канцом ХІХ пач. ХХ стагоддзяў. Аліна Дэбовска расказала пра тэхніку, сімволіку і абрадавае ўжыванне народнага ручніка.
З прывітальным словам выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама Юнчыц Н.С., выказала словы ўдзячнасці польскаму боку і спадзяванні на далейшае супрацоўніцтва. Дырэктар Слонімскага музея Рыжак Н.К. расказала пра традыцыйны беларускі народны ручнік і прадставіла ручнікі з фондаў Слонімскага музея.
Пасля прэзентацыі выставы Аліна Дэбовска правяла майстар-клас для слонімскіх школьнікаў па маляванні ўзораў на тканіне.
На выставе прадстаўлена 29 планшэтаў з выявамі польскіх ручнікоў, а таксама беларускія ручнікі Слонімскага раёна другой паловы ХХ стагоддзя з фондаў Слонімскага музея.
Выстава будзе працаваць на працягу месяца.

113