Выстава “Слонім – сядзіба музаў”


6 кастрычніка 2015 г. у рамках тыдня культуры ў Слоніме ў выставачнай зале музея адбылося адкрыццё мастацкай выставы “Слонім – сядзіба музаў”, прысвечанай 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.
Свае работы прадставілі мастакі суполкі "Арт-Слонім": Васіль Грыневіч, Яўген Іваноў, Казімір Кулеш, Леанід Богдан, Алесь і Марыя Стацэнкі, Андрэй Сідараў, Уладзімір Макарэвіч і мастакі суполкі “Абуджэнне” з Мінска і Узды: Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка.
У Слоніме ўпершыню дэбютавалі перад аматарамі мастацтва маладыя мастакі творчай арт-майстэрні Уладзіміра Сайко: Анастасія Кунец, Анастасія Чмялёва, Уладзіслаў Шуцько. Лепшыя творы мастакоў пасля завяршэння выставы будуць падараваны Слонімскаму краязнаўчаму музею.
Выстава будзе працаваць да 6 лістапада 2015 г.

ТВОРЧАЕ СВЯТА Ў СЛОНІМЕ
6 кастрычніка ў выставовай зале Слонімскага краязнаўчага музея адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Слонім – сядзіба музаў”, прысвечанай 250-годдзю са дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.
Мастакі Слоніма, Мінска і Узды, сябры мастацкіх суполак “Абуджэнне” і “Арт-Слонім” Андрэй Лычкоўскі, Васіль Грыневіч, Яўген Іваноў, Фёдар Ладуцька, Алесь Стацэнка, Казімір Кулеш, Леанід Богдан, Андрэй Сідараў і іншыя прысвяцілі свае творы жыццю і дзейнасці вялікага кампазітара і патрыёта Бацькаўшчыны, адлюстравалі шмат пейзажных матываў Слоніма, у якім часта бываў малады творца ў гасцях у свайго дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага.
Гучала музыка М.К. Агінскага ў выкананні педагогаў музычнай школы, слонімскія дзеці з вялікім артыстызмам выканалі танец “Паланэз”, выступоўцы, сярод якіх быў дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ала Сопікава , адзначалі важнасць такой культурнай падзеі для цэлага рэгіёна, які з кожным годам набывае ўсё большую актыўнасць. Мастакам суполкі “Абуджэнне” былі ўручаны граматы за актыўны ўдзел у культурным жыцці Слонімшчыны, захаванне і абагачэнне культурнай спадчыны беларускага народу .
Пасля ўрачыстай часткі адбыўся майстар-клас удзельнікаў выставы, якія малявалі партрэты, пісалі нацюрморты, каб стварыць творчую атмасферу, спрыяльную для жывых дыскусій, уражанняў, звязаных з успрыманнем магчымасцей сучаснага мастацтва.
Гэта супольная выстава прадэманстравала тое, як важна праяўляць шчырую творчую ініцыятыву і аб’ядноўваць намаганні, памятаючы вялікія падзеі нашай гісторыі і культуры. Яна стала важным унёскам у святкаванні слаўнага юбілею М.К. Агінскага. Слонім адчуў яшчэ раз у гісторыі, як умацоўваецца за ім яго годнае культурнае найменне – “Сядзіба музаў”.
КАНДЫДАТ МАСТАЦТТВАЗНАЎСТВА, ПРАФЕСАР БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ АКАДЭМІІ МАСТАЦТВАЎ ЯЎГЕН ШУНЕЙКА

252