Красоту мира сердцем чувствуя


У гэтым годзе споўнілася б 55 год нашаму вядомаму земляку Уладзіміру Янушэвічу. Напэўна, у Слоніме няма чалавека, які б не ведаў гэтага таленавітага фотамастака. Уладзімір Уладзіміравіч пражыў кароткае жыццё, але за гады работы прыўнёс у справу фатаграфавання шмат новых ідэй і здзейсніў нямала цікавых праектаў.

Нарадзіўся будучы фатограф 4 чэрвеня 1966 года ў в.Сурынка Слонімскага раёна. Займацца фатаграфаваннем пачаў яшчэ ў дзяцінстве, калі ў сёмым класе бацькі яму падарылі на дзень нараджэння фотаапарат “Зеніт-Е”. Займаўся фатаграфаваннем Уладзімір і праходзячы службу ў войску, а служыў ён на мяжы з Афганістанам. Пасля службы вярнуўся ў родныя мясціны і працягваў займацца любімай справай. Працаваў спачатку ў Слонімскім быткамбінаце, а потым на Камвольна-прадзельнай фабрыцы. Сваю справу арганізаваў у 1988 годзе, а ў 1997 годзе была адкрыта ўсім вядомая фотастудыя “Графъ-фота”.

Уладзімір Янушэвіч з’яўляўся аўтарам і арганізатарам праекта “Свадьба мечты”, па яго ініцыятыве ўпершыню было праведзена яскравае мерапрыемства “Парад нявест”. Ён з’яўляўся аўтарам буклетаў і набораў паштовак з відамі горада. Шмат персанальных выставак Уладзіміра Янушэвіча прайшло ў Слонімскім краязнаўчым музеі.

Не стала Уладзіміра Янушэвіча 13 лютага 2019 года, але памяць пра  таленавітага фотамастака будзе жыць у яго работах і сэрцах людзей.

У мінулым годзе Кацярына Янушэвіч, дачка фатографа, перадала ў музей звыш сямідзесяці работ свайго бацькі, на якіх адлюстраваны гарадскія святочныя мерапрыемствы, прырода роднага краю, вядомыя людзі Слонімшчыны, культавыя помнікі і шмат іншага.

Запрашаем наведаць выстаўку работ Уладзіміра Янушэвіча “Прыгажосць света сэрцам адчуваючы”, якая будзе працаваць да 14 жніўня ў выставачнай зале Слонімскага краязнаўчана музея (вул.Ружанская, 1).

177